Сужэнскія сустрэчы
BY RU
рэкалекцыі - дыялог - сустрэча

З 9 па 11 сакавіка 2018 года ў Баранавічах у доме Святой Тройцы адбыліся чарговыя рэкалекцыі руху «Сужэнскія сустрэчы». У ўікэндзе прынялі ўдзел чатыры пары з Баранавічаў, Пінска і Ліды. Праводзілі рэкалекцыі а. Конрад Патыка SVD, Аляксей і Марына Куратнік з Івацэвічаў, Валерый і Наталля Мазуркевіч са Сталовіч, Уладзімір і Юлія Шылко з Баранавічаў.

Падрыхтоўка да ўікэнда была вельмі хвалюючай. Мы перажывалі, колькі пар прыедзе і як усё пройдзе, зрэшты, як і перад кожным ўікэнд. Запісалася 6 пар і 1 святар, але, на жаль, па розных абставінах прыехаць змаглі толькі 4 пары. Мы, аніматары, яшчэ больш перажывалі, але потым памаліліся і даверыліся Госпаду і ён паднёс нам гэты ўікэнд, як сапраўдны падарунак.

На рэкалекцыях, у сваіх анімацыях, вядучыя пары вельмі адкрыта падзяліліся рознымі сямейнымі праблемамі, перажытымі ў сваіх сужэнствах: сямейныя канфлікты, крыўды, прабачэнне, крызісы і прысутнасць Бога ў іх сямейным жыцці. Жыццё, са сваім «вар'ятскім» рытмам, часам вельмі мала пакідае часу сужонкам адно для аднаго, а тым больш, калі крызіс у сям'і, тады вельмі часта ствараецца ўражанне, што ты адзін на ўсёй планеце. Рэкалекцыі з'явіліся своеасаблівым прасвятленнем, як для ўдзельнікаў, так і для аніматараў.

Сведчанні ўдзельнікаў:

- Было шмат перашкод, каб нам прыехаць на гэтыя рэкалекцыі. Тут я зразумеў над чым трэба папрацаваць. Зразумеў, што неабходна надаваць больш любові і ўвагі маёй жонцы. Дзеля нашага шлюбу абмежаваць працоўны час і канчаткова расставіць прыярытэты. Пасля рэкалекцый хачу прыкласці як мага больш намаганняў для таго, каб мая жонка была самай шчаслівай побач са мной. Я зразумеў, што яна - дар Божы для мяне і хачу яшчэ больш любіць і аберагаць яе, а таксама пранесці нашу любоў праз усё жыццё.

- Убачыла корань шматлікіх канфліктаў у нашай сям'і. Ўбачыла, што нават самая дробязь можа быць балючай. Нам з мужам не хапала часу як на напісанне, так і на абмеркаванне, таму ад'язджаю з жаданнем працаваць над нашымі адносінамі.

- Я вельмі перажывала, што будзе шмат людзей, і мы з мужам не зможам камфортна сябе адчуваць. Цуд, што муж наогул пагадзіўся прыехаць сюды. Я не памятаю, калі я столькі шмат плакала, як за ўчорашні дзень. Змыла ўсю шалупіну, якая наліпла на нас у побыце.

- Вельмі не люблю, калі шмат людзей і калі трэба нешта казаць, больш люблю слухаць, таму адчуваў сябе камфортна. Было шмат перашкод, нават калі сюды ехалі, зламалася машына. Звычайна я злуюся, калі нешта не па плану, але сёння быў спакойны як ніколі. Машыну забралі ў рамонт, а мы паспяшаліся на рэкалекцыі. Зразумеў, што ў шматлікіх сужонкаў ёсць такія ж праблемы, як і ў нас. Успомніў, як пазнаёміўся з жонкай, вярнулася пачуццё закаханасці і мы паспрабуем яго захаваць.

Мы з жонкай задумаліся над сваім жыццём і многае хочам змяніць. Ўбачылі, што яшчэ шмат нявырашаных праблем застаецца. Вельмі рады, што існуюць такія«Сужэнскія сустрэчы».

Марына Куратнік

Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя

Пакінуць паведамленне