У чарговы раз удзельнікі руху "Сужэнскія Сустрэчы" схілілі калені перад цудатворным абразам Маці Божай Будслаўскай. Шлях пілігрыма можа быць розным, мэта - адна. Сёлета сем'і Баранавіцкага Цэнтра вырашылі далучыцца да пешай пілігрымкі "Баранавічы - Будслаў" у першы і апошні дзень. Як гэта было:
- Ізноў я ў дарозе… Што гэта для мяне азначае? Гэта значыць - я ў пошуку: у пошуку Бога, у пошуку адказаў на пытанні, у чыне падзякі за жыццё, значыць, што я яшчэ не абыякавы, яшчэ жывы. А таксама я побач з тымі, хто прагне вырашаць свае справы з дапамогай Марыі. Дзякуй усім, хто побач, што вы ёсць. Гэта таксама дадае моцы жыць.
- У маім жыцці было шмат пілігрымак, і кожная - асаблівая, не падобная на іншыя. Гэта пілігрымка дапамагла мне зноў адчуць сябе часткай вялікай сям'і аніматараў з агульнымі радасцямі і сумеснымі пераадоленнямі цяжкасцяў і стала для мяне месцам духоўнага яднання з Богам. Сэрца напоўнена радасцю, каханнем, супакоем і надзеяй.
- Я перажыла гэту пілігрымку з трапяткім сэрцам, з велізарнай падзякай Богу за аказаную міласць быць побач з Ім. Нашы сумесныя малітвы, цяжкасці пешай дарогі, радасць сустрэчы са сваімі знаёмымі і сябрамі, гэта ўсё вельмі насыціла ўнутры дабрынёй і надзеяй.
- Для мяне ўвесь гэты шлях вельмі важны. Самае галоўнае, што ўся сям'я разам, і тыя малаважныя цяжкасці (спякота, нацёртыя ногі і г.д.) гэта такая маленькая плата за грахі. Была падтрымка, увага, цярпенне. Гэта дарагога варта!
- Гэта мая не першая пілігрымка, але з усёй сям'ёй я ішла ўпершыню. Мне было вельмі спакойна ад гэтага ўнутры, я адчувала ўвесь час духоўную і фізічную падтрымку.
- Шчаслівая, што праз 10 гадоў пасля першай пілігрымкі, змагла прайсці гэты дзень усёй сям'ёй, з чатырма сынамі. У захапленні ад пілігрымаў, іх энергіі, падтрымкі.
- Час, праведзены ў пілігрымцы быў для мяне цішынёй і супакоем у сэрцы. Я ведала, што цяжкасці ўсе, і нават нашы інтэнцыі самыя цяжкія, з якімі мы ідзём, мы данясём, а самі хоць з "балючымі" нагамі і жудаснай спякотай дойдзем да Марыі. Яна заўсёды дапаможа і анёлачка падашле. З ёю трэба сябраваць заўсёды. Гонар і хвала нашым дзеткам, якія з такой энергіяй неслі сцягі пілігрымаў, гэта трэба было бачыць! Дзякуем Богу за іх жыццё, дзякуем іх бацькам, гэта проста выдатна! Хай у іх заўсёды будзе сіла і энергія, здароўе і апека ва ўсіх іх інтэнцыях да Маці Божай Будслаўскай. А сэрца спявае:"Я праслаўляю Цябе, Хрыстос, за Тваю ласку ,за любоў Тваю!"
З Мінска таксама рознымі спосабамі дабіраліся да Будслава, хтосьці ішоў у арганізаваных паломніцтвах з Мінска, хтосьці ў “галоднай”, хтосьці ў сямейнай ЭНД,а хтосьці ішоў у паломніцтве з іншых гарадоў.
- Трое Пашаў (Малеваннікаў, Боярчук, Кузьміцкі) і Арыша ехалі на роварах. На дарогу нам спатрэбілася ледзь больш шасці гадзін, і нам здалося гэта вельмі хутка, напэўна ў наступным годзе варта павялічыць адлегласць. А ў Будславе мы сустракалі паломнікаў з Маладзечна, там брат Алег Шэнда, як першы шматдзетны капуцын у Беларусі, 4 дні ішоў з Дамінікай, Лаўрай і Дашай.
Маці Божая Будслаўская з’яднала ўсіх пілігрымаў у адзіную вялікую хрысціянскую сям’ю.
Для таго каб пакінуць каментар неабходна Аўтарызацыя або Рэгістрацыя